• 04 сакавіка 2015 Настасся Дубовік

    Касцёл святого Антонія у вёсцы Княжыцы

    1

    У невялічкай вёсцы Княжыцы Магілёўскай вобласці захаваўся выдатны каменны храм сярэдзіны XVIII стагоддзя — касцёл святога Антонія. Вежы каталіцкай цвярдыні па-заступніцку ўзвышаюцца над нізенькімі сельскімі хаткамі, прыкметныя здалёку, яшчэ з трасы, а таму уважліваму падарожніку будзе лёгка адшукаць у Княжыцах гэты архітэктурны цуд.


     

    Кляштар дамініканцаў быў заснаваны ў гэтых месцах яшчэ ў 1681 годзе па загадзе ўладальніка вёскі, харунжага Вялікага Княства Літоўскага Уладзіслава Паца. Спачатку гэта быў драўляны будынак, але пасля атрымання ў другой палове XVIII стагоддзя ахвяраванняў ад шляхціцаў Крукоўскіх з 1750 па 1780 гг. пачалося будаўніцтва новага мураванага касцёла, які ў 1780 годзе быў асвечаны магілёўскім арцыбіскупам Богуш-Сестранцэвічам.

    У 1863 годзе касцёл быў зачынены і пасля рэканструяваны пад праваслаўную царкву. Над iм надбудавалі несапраўдны купал на сяродкрыжжы і тры купалкі з цыбулепадобнымі галоўкамі на галоўным фасадзе. На працягу XX стагоддзя гэты выдатны помнік беларускага сакральнага дойлідства быў даведзены да амаль што поўнага разбурэння.

    Толькі напрыканцы ХХ стагоддзя зацеплілася надзея, што касцёл св. Антонія ўсё ж аднавяць, але хутка ўсталяваныя вакол касцёла будаўнiчыя лясы паступова згнілі, і зараз іх наогул разабралі. Аднак, нягледзячы на зараснiкi, смецце i аварыйны стан будынка, касцёл усё ж неверагодна ўражвае.

    Храм мае шмат адметных рысаў у аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі. Унутры, дзякуючы вялікай пятнаццаціметровай вышыні і адсутнасці слупоў, касцёл адрозніваецца прасторай і лёгкасцю інтэр'еру. Перавага вертыкаляў і скарачэнне шырыні ярусаў дагары стварае ўражанне ўзлёту аб'ёму храма. Ніжняя частка фасада з парталам арыгінальнага малюнка фланкiруецца па баках дзвюма сценкамі з шырокімі арачнымі праёмамі, што выдаюцца наперад i надаюць пабудове не толькі ўстойлівасць, але і ўзмацняюць дынамічнасць яе кампазіцыі. Акрамя таго, яны ствараюць парадны панадворак перад уваходам у храм. Падобны прыём не адзначаецца ў іншых культавых пабудовах Беларусі.

    Тым не менш, мясцовыя ўлады не цікавяцца Княжыцкай каштоўнасцю: рэстаўрацыя старажытнага касцёла патрабуе велізарных грошай, якіх няма ў бюджэце. Каталіцкай царкве наўрад ці ёсць сэнс аднаўляць архітэктурны помнік: будынак велізарны і затратны, а ў Княжыцах нават няма каталіцкай абшчыны. На жаль, велічны будынак касцёла апынуўся нікому не патрэбным і паступова гіне пад націскам разбуральнай сілы часу...

    Апублікавана ў Краягляды

    Падзяліцца Апублікаваць
Каментары:
  • Вашае імя:
  • Загаловак:
  • Тэкст паведамлення:
  • Беланович

    02 красавіка 2015

    Пытанне

    Калі будзе працяг манаграфіі "Апісанне шк. раёна"?

  • Падпішыся на навіны УсеБеларусы:

    Скасаваць падпіску

    Падпісацца

Самае папулярнае

© 2011 УсеБеларусы — створаны для нас і пра нас

Iдэя i распрацоўка SATIO\БРЭНД ГОДА

Капіяванне матэрыялаў толькi з пісьмовага дазволу

УНП 190438641

Разработка сайта —