• 16 лістапада 2013 Віталь Чайка

    Вёска Хведзевічы. Мая малая Радзіма

    2

    Вёска Хведзевічы — самы паўночны населены пункт Смаргонскага раёна.

    Вёска Хведзевічы. Мая малая Радзіма. Увесь свой вольны час бесклапотнага дзяцінства і вясёлай маладосьці, калі мы не былі заняты ў горадзе, я і мае блізкія сябры імкнуліся праводзіць тут. Гэта былі лепшыя часы нашага жыцця! Вельмі хочацца, каб больш людзей даведалася пра гэтыя цудоўныя мясціны.

    Я і мае сябры дзяцінства (Марэк і Віктар Макарэвічы – зараз грамадзяне Літвы):

    Віталь Чайка, Марэк Макарэвіч, Віктар Макарэвіч, Хведзевічы

    Патрапіць у вёску Хведзевічы можна па дарозе Смаргонь – Свір (траса Р95). Мясцовыя жыхары называюць гэтую дарогу — гасцінец. Ад вёскі Гарані да гарадскога пасёлка Свір гасцінец праходзіць уздоўж возера Свір, а ў некаторых месцах вада падыходзіць наўпрост да яго абочыны. Каля вёскі Гарані, суседкі Хведзевіч, над гасцінцам велічна ўзвышаецца курган — старажытнае гарадзішча, датаванае другой паловай I – пачаткам II тысячагоддзя нашай эры. З вышыні гарадзішча адкрываецца невыказная прыгажосць возера Свір.

    Гасцінец Смаргонь – Свір з вышыні гарадзішча Гарані:

    Дарога Смаргонь - Свір з вышыні гарадзішча Гарані

    Краявіды возера Свір з вышыні гарадзішча Гарані:

    Возера Свір

    Возера Свір — возера ў басейне ракі Страча (прыток Віліі), найбольшае ў Свірскай групе азёр. Плошча 22,28 км², даўжыня 14,1 км, найбольшая шырыня 2,3 км, даўжыня берагавой лініі 31,2 км. Найбольшая глыбіня 8,7 метра, сярэдняя — 3,9 метра, аб'ём вады 104,3 млн. м³. Упадаюць рэкі: Смолка, Вялікі Перакоп і некалькі ручаёў. На поўначы выцякае рака Свірыца.

    Каля вёскі Хведзевічы таксама ёсць вельмі прыгожыя мясціны ў берагоў возера: Чарвяк, Завонне, Шырокія — так называюць іх мясцовыя. Чарвяк, як паўвостраў уразаецца ў возера, гэта ўпадабанае месца адпачынку мясцовых жыхароў і прыезджых адпачывальнікаў. Улетку, у выходныя дні, тут не менш шматлюдна, чым на пляжах Чорнага мора!

    Месца Чарвяк на возеры Свір:

    Мясціна Чарвяк на Свіры

    Нахілілася сасна над вадою Свіры. Месца Шырокія:

    Мясціна Шырокія на Свіры

    Прыкладна на 40-вым кіламетры гасцінца Смаргонь – Свір размешчана скрыжаванне — паварот на вёску Хведзевічы. Да Вялікай Айчыннай вайны на гэтым скрыжаванні стаяў шынок аселага габрэя. Мясціна гэтая мае мясцовую назву — Гуска. Можна выказаць здагадку, што назва атрымалася ад імя або прозвішча шынкара. Зараз на гэтым месцы застаўся толькі занядбаны яблыневы сад.

    На скрыжаванні усталяваны прыдарожны ўказальнік на вёску і драўляная стэла. Стэлу ўсталёўвалі на світанку перабудовы (на прыканцы 80-х гадоў), і паказвала яна на тое, што з гэтага месца пачыналіся прасторы саўгаса «Рассвет». Раней на яе месцы стаяла металічная стэла з вялікім партрэтам савецкага партыйнага боса — Жданава Андрэя Аляксандравіча, яго імя раней насіў саўгас. У гады перабудовы імя Жданава было афіцыйна асуджана кіраўніцтвам КПСС, а ўсе аб'екты, названыя ў яго гонар, перайменавалі па ўсім СССР (напрыклад горад Марыупаль), уключаючы і саўгас. Стэла Жданава парадкам праржавела, як і ўся савецкая сістэма, і яе замянілі драўлянай, рассветаўскай. Саўгас «Рассвет» таксама ўжо не існуе, ён цяпер мае мудрагелістую назву СВРУП «Саўгас Лылойці», а стэла стаіць, і ўжо не як просты знак, а як помнік саўгасна-савецкага драўлянага дойлідства. Глядзіцца вельмі нават нічога!

    Мейсца Гуска – паварот на вёску і драўляная стэла. На гэтым месцы раней стаяў шынок:

    Паварот на вёску Хведзевічы і драўляная стэла

    Дарога ад гасцінца рэзка ідзе ўгару, а адтуль адкрываецца від на саму вёску.

    Вёска Хведзевічы — самы паўночны населены пункт Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. Вёска размешчана на самым стыку двух абласцей — Гродзенскай і Мінскай — і трох раёнаў — Смаргонскага, Астравецкага і Мядзельскага. Вёска займае плошчу 0,417 квадратных кіламетраў. Нашы продкі з розумам падышлі да выбара месца для заснавання паселішча: з захаду вёскі метрах у 300 — лес, з поўдня — возера Тушча, з поўначы — палі і таксама лес. У кіламетры на ўсход — возера Свір.

    У ХVІ ст. Хведзевічы, у складзе маёнтка Дабраўляны, належыла Зяновічам, якія прадалі гэтыя землі Адаму Роскаму, падкаморыю ашмянскаму. Пазней яна перайшла ў рукі Старброўскіх, ад іх да Жабінскіх, а затым — да Падбінентаў. Фларыянт Падбінент у 1685 г. прадаў Хведзевічы разам з Дабраўлянамі, Нястанішкамі, Заблоццем і іншымі фальваркамі Багуславу Уміхоўскаму, які ў хуткім часе прадаў яе Якубу Дуніну. Ад яго ж дабраўлянскі маёнтак разам з Хведзевічамі за суму ў чвэрць мільёна злотых купіў яго зяць, князь Павел Кароль Сангушка, вялікі літоўскі маршалак. Сангушкі мелі рэзідэнцыю ў Дабраўлянах дастаткова доўга і нават узвялі там вялікі барокавы палац. У 1785 годзе Іеранім Сангушка, аднак, прадаў атрыманыя ад бацькі па спадчыне землі Андрэю і Іаахіму Абрамовічам. А ў Абрамовічаў Дабраўляны разам з Хведзевічамі ў 1818 годзе купіў Адам Гюнтэр.

    Пры Гюнтарах Дабраўляны сталі шырока вядомымі ў цэлай краіне як адзін з найвыдатнейшых ачагоў культурнага жыцця. Яны дбалі таксама і аб дабрабыце мясцовага насельніцтва, навучаючы яго фельдшарству, разьбе па дрэву, сталярству, рымарству і іншым неабходным рамёствам, а таксама асновам навукі. Жыхары гюнтараўскіх зямель (у тым ліку і з Хведзевіч) значна адрозніваліся ў выніку гэтага ўзроўнем заможнасці і асабістай культуры ад сваіх суседзяў.

    Затым Станіслаў Хамінскі, генерал расійскага войска, ковенскі губернатар, набыў Хведзевічы разам з Дабраўлянамі, Нестанішкамі, Забалоццем, Наваполлем і Надбрэжжам у наследнікаў дачок Адама Гюнтэра. Пасля заключэння ганебнага для Савецкай Расіі Рыжскага міру 1921 года, Хведзевічы разам з Дабраўлянамі адышлі пад юрысдыкцыю Польшчы.

    У міжваенны перыяд пасля доўгіх працэсаў і размоў Дабраўляны разам з фальваркамі (у тым ліку і Хведзевічы) былі перададзены польскімі дзяржаўнымі ўладамі на карысць дзяржавы і прызначаны для парцэляцыі (драблення зямлі на невялікія участкі).

    Жыхары Хведзевіч былі апалячаны. Многія старажылы вёскі да гэтага часу ўмеюць чытаць і пісаць толькі на польскай мове. У той час вёска адносілася да Свірскай воласці Свенцянскага павета Віленскай губерні. Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі і БССР у 1939 годзе, вёска Хведзевічы была далучана да Свірскага раёна Маладзечанскай вобласці, а з 31.08.1959 года далучана да Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. Першы калгас у вёсцы быў створаны толькі ў 1953 годзе!

    У 1905 годзе вёска налічвала 375 жыхароў, да вёскі адносіліся 230 дзесяцін (251 гектар) зямлі. На 01.01.2004 налічвалася 36 жыхароў. А ўжо на 01.01.2013 колькасць жыхароў складае ўсяго 10 пастаянна пражываючых жыхароў. Шкада!!! Такая выдатная вёска вымірае.

    Каля вёскі, у дарогі, велічна стаіць велізарны валун. Напэўна, ніхто ўжо ніколі не даведаецца, як ён тут з'явіўся. У 80-х гадах XX стагоддзя прыязджалі да яго навукоўцы, а можа гісторыкі-краязнаўцы і распавядалі, што валун «прыкаціў» сюды ледавік ледніковага перыяду. Яны нават хацелі яго кудысці адвезці, ці то ў музей, ці то ў іншае «падыходзячае» месца, але не змаглі крануць з места нават з дапамогай тэхнікі. Так ён і застаўся на сваім гістарычным месцы да наступнага ледніковага перыяду. Акружнасць хведзеўскага валуна 9,7 метра, аб'ём 11,8 м³, вага 31,2 тоны.

    Хведзевіцкі валун:

    Валун у Хведзевічах

    Пры ўездзе ў вёску ўсталяваны два каталіцкіх крыжа. Адзін сучасны, з жалеза.

    Жалезны крыж каля вёскі:

    Жалезны крыж

    Другі крыж стары, драўляны. Калі яго ўсталявалі не памятаюць ўжо нават старажылы вёскі. Але, нажаль, гэты крыж паваліўся і убачыць яго можна толькі на фатаздымку.

    Стары драўляны крыж:

    Крыж ля дарогі

    Драўляны крыж у Хведзевічах

    Вуліца вёскі выбрукаваная каменнем, так званым польскім асфальтам.

    Брукаванка:

    Вясковая брукаванка

    Гэтыя камяні яшчэ памятаюць стук акаваных жалезам драўляных колаў конных калёс мясцовых сялян. У цэнтры вёскі была кузня, што сведчыць аб тым, што па тых часах вёска лічылася даволі буйной. На гэтым месцы зараз проста пусты луг.

    З верасня 1915 года да лютага 1918 года праз Смаргонскі раён праходзіла лінія руска-германскага фронту Першай сусветнай вайны. На яго тэрыторыі два з паловай гады вяліся пазіцыйныя баі. Гэтыя баі таксама праходзілі каля вёскі, можна казаць, на яе агародах. Пра гэта на паўднёвым канцы вёскі сведчыць захаваўшыся маўклівы сведка і ўдзельнік гэтых падзей — каменны дот, размешчаны на кургане, які глядзіць сваёй амбразурай ў бок возера Свір.

    Каменны дот:

    Hvedzevichy

    Не абыйшла вёску бокам і Вялікая Айчынная вайна. Але сама яна ад вайны моцна не пацярпела. У вёсцы жылі два ветэрана: Пухавіч Уладзімір Іванавіч (1914-1992) і Бялевіч Вацлаў Баляслававіч (1925-1997). Пры жыцці яны былі сябрамі, жылі па суседстве. І пасля смерці, на вясковых могілках, пахаваныя побач. Вось такое вось братэрства — і ў жыцці і пасля яго зямнога заканчэння.

    Ветэраны вайны:

    Hvedzevichy

    Светлая памяць і вечная хвала ім — пераможцам фашызму! На дамах, дзе яны жылі, вісяць памятныя знакі, каб кожны, які праходзіць, ведаў, што ў гэтым доме жыў франтавік — Чалавек з вялікай літары!

    Хата ветэрана вайны В. В. Бялевіча:

    Hvedzevichy

    Памятны знак на хаце ветэрана В. В. Бялевіча:

    Hvedzevichy

    На паўднёвай ускраіне вёскі, за дотам Першай сусветнай, лясным люстэркам разлілося возера Тушча. Возера гэтак жа адносіцца да Свірскай групы азёр. Найбольшая глыбіня — два метры, даўжыня — 0,85 км. Найбольшая шырыня 0,66 км. Даўжыня берагавой лініі 2,8 км. Аб'ём вады 0,49 млн. м³. Возера, з-за забалочаных берагоў і зарослага травой дна, не падыходзіць для масавага адпачынку, але вось для палявання і рыбнай лоўлі — самае то!

    Возера Тушча:

    Hvedzevichy

    У кіламетры на ўсход ад вёскі, недалёка ад берагоў возера Свір, размешчана старажытнае селішча людзей. Селішча Хведзевічы датуецца другой паловай I– пачаткам II тысячагоддзя нашай эры.

    Селішча Хведзевічы:

    Hvedzevichy

    Навукоўцы прыйшли да высновы, што раней на тэрыторыі Хведзевічскага паселішча знаходзілася неалітавая стаянка старажытных людзей (каменны век). У 1979 і 1982 гадах на селішчы раскопкі праводзіў археолаг Я. Г. Звяруга. Пры раскопках у многіх месцах паселішча былі знойдзены навалы моцна абпаленых камянёў, якія з'яўляюцца рэшткамі печаў-каменак або вогнішчаў. Знойдзены скрабкі, разцы, нажы, нарыхтоўкі сякер, жалезныя сярпы, гліняныя грузікі для рыбацкіх сетак, жалезныя вырабы нявызначанага прызначэння, рэшткі неалітавай керамікі.

    Артэфакты Хведзевічскага паселішча:

    Hvedzevichy

    Хутчэй за ўсё, на тэрыторыі селішча жылі людзі, у далейшым заснаваўшыя вёску Хведзевічы. У познім сярэднявеччы на ​​тэрыторыі селішча размяшчаліся могілкі (магільнік). Можна меркаваць, што на ім раней хавалі жыхароў вёскі або іх продкаў. У цяперашні час вясковыя могілкі знаходзіцца ў іншым месцы.

    З заходняга боку вёскі, каля лясу, паралельна вёсцы пралягае высакавольтная лінія, па якой з Ігналінскай АЭС (Літва) ішла ў нашу рэспубліку атамная электраэнергія. Лінія будавалася ў 80-х гадах XX стагоддзя. Мяркуючы па яе размаху, на яе пракладку былі затрачаны сотні мільёнаў яшчэ савецкіх рублёў. У месцы праходжання каля вёскі была высечана не адна сотня кубаметраў лесу.

    Электралінія Ігналінскай АЭС:

    Hvedzevichy

    І ніхто тады не думаў, што СССР спыніць сваё існаванне як краіна, а Літва стане ўдзельнікам Еўрасаюза, і што 31 снежня 2009 года Ігналінская АЭС спыніць сваю працу. У выніку высакавольтная лінія аказалася не запатрабаваная. Можа быць, наяўнасць гэтай, ужо гатовай і дыхтоўнай высакавольтнай лініі, адыграла адну з ключавых роляў у прыняцці рашэння аб месцы будаўніцтва першай беларускай АЭС у Астравецкім раёне. Месца будаўніцтва атамнай станцыі знаходзіцца ўсяго толькі ў 30-ці кіламетрах ад вёскі, а сам Астравецкі раён пачынаецца ў трох кроках за вёскай.

    Пакідаючы вёску, разумееш, вось яна, тыповая, неперспектыўная, выміраючая беларуская вёска. Шкада, што гісторыя такой прыгожай, якая мае глыбокія гістарычныя карані вёскі, падыходзіць да канца. Нашчадкі жыхароў старажытнага паселішча і вёскі разляцеліся па свеце, многія дамы ўжо пустуюць. Тыя, што засталіся, карэнныя жыхары, «апошнія з магікан», за невялікім выключэннем, дажываюць свой ​​век.

    Адна з апошніх старажылаў вёскі — Ядвіга Бялевіч (88 год):

    Ядвіга

    Толькі белыя буслы ніколі не пакідаюць Хведзевічы. Амаль на кожным слупе ў вёсцы — іх гнёзды. Гэтых сімвалаў Беларусі тут было, ёсць і будзе вельмі шмат. Яны шануюць гэтую вёску.

    Буслы на рэштках старой хаты :

    Hvedzevichy    

    Буслы каля вёскі:

    Hvedzevichy  

    Хоць, вядома, прыязджаюць у вёску дзеці, унукі і праўнукі «апошніх з хведевіцкіх магікан».

    Маладыя надзеі вёскі:

    Hvedzevichy

    Але гэта ўжо зусім іншая, найноўшая гісторыя выдатнай вёскі Хведзевічы ...

    Вясковыя пейзажы:

    Hvedzevichy

    Hvedzevichy

    Hvedzevichy

    Hvedzevichy

    Апублікавана ў Краягляды

    Падзяліцца Апублікаваць
Каментары:
  • Вашае імя:
  • Загаловак:
  • Тэкст паведамлення:
  • Зміцер

    22 студзеня 2014

    Прыгожа!

    Прыгожа!!!!

  • Ала

    06 снежня 2015

    Трэба наведаць яшчэ раз Смаргонскі край

    Малайцы, так прыгожа з душой апісалі сваю вёску. Жадаю Вам поспехаў!!!

  • Падпішыся на навіны УсеБеларусы:

    Скасаваць падпіску

    Падпісацца

Самае папулярнае

© 2011 УсеБеларусы — створаны для нас і пра нас

Iдэя i распрацоўка SATIO\БРЭНД ГОДА

Капіяванне матэрыялаў толькi з пісьмовага дазволу

УНП 190438641

Разработка сайта —