• 23 чэрвеня 2013 Канстанцін Петрыман

    На скрыжаванні 8-мі рамёстваў

    У слаўным сваёй гісторыяй мястэчку Мір знаходзіцца  адметны мастацкі каледж, у сценах якога існуе народны ўзорны аматарскі лялечны тэатр "Батлейка". Ён  быў створаны ў 1989 годзе намаганнямі мастака-энтузіяста Галіны Пятроўны Жаровінай і яе калег-аднадумцаў: выкладчыкаў і навучэнцаў Мірскага мастацкага прафтэхвучылішча №234 (сёння мастацкі каледж).

    Батлейка Ад Міра да Рыма

    Мэта стварэння “Батлейкі” – адраджэнне традыцый народных тэатральных прадстаўленняў, рэстаўрацыя матэрыяльнай і духоўнай спадчыны народнай тэатральнай творчасці Беларусі. Удзельнікі тэатра збіраюць звесткі аб традыцыях беларускай батлейкі, аб вядомых мірскіх  батлеечніках, рэстаўруюць і ствараюць дакладныя копіі батлеек і батлеечных лялек. Першым спектаклем “Батлейкі” стала інтэрмедыя “Цар Ірад”. Гэта традыцыйнае батлеечнае прадстаўленне дало жыццё мірской батлейцы на многія гады. Вывучаючы гісторыю Міра і рэгіёна, батлеечнікі сабралі шмат звестак аб былых уладарах Мірскай зямлі – магнатах Радзівілах. Гэтая праца была ўвасоблена ў цыкле спектакляў пад агульнай назвай “Радзівіліяда”. Рэпертуар гэтага цыклу склалі інтэрмедыі “Мара”, “Міракль аб Уршулі”, “Чароўная крыніца”, “Ад Рыма да Міра”, “Песня”, “Італьянскі сад” і інш. У кожным з гэтых спектакляў галоўнай тэмай праходзіць сувязь паміж рамеснікам-навучэнцам і майстрамі мінулых стагоддзяў. У інтэрмедыях “Мара” і “Песня” непасрэднымі персанажамі з’яўляюцца самі навучэнцы ПТВ, якія трапляюць у чароўны свет Мірскага замку і сустракаюцца з яго знакамітымі ўладарамі – Радзівіламі. Інтэрмедыі “Міракль аб Уршулі”, “Чароўная крыніца”, “Ад Міра да Рыма”, “Італьянскі сад” адчыняюць нам дзверы ў той час, калі Мірская зямля пачынала ўзбагачацца цудамі рамёстваў. Гэта свет сапраўднага мастацтва. Свет, дзе ўладарыць дух сапраўднай творчасці і высакароднасці. Спектакль “Італьянскі сад” – нібы гімн чалавеку-творцу, яго імкненням ператварыць звычайны свет у краіну-сад, сад самых светлых мараў і летуценняў.

    Радзівілаўская марлёўка (батлейка)

    Свет “Батлейкі” – гэта свет сінтэзу спрадвечных рамёстваў. Гэта архітэктура і разьбярства, скульптура і жывапіс, гэта праца краўца і праца акцёра, музыкі і песняра. Нездарма, батлейку называюць апошняй цвярдыняй адзінага сапраўднага, пазней страчанага, а цяпер узнаўляемага, сінтэзу рамёстваў.

    Малая хатняя батлейка

    Тэатр-студыя “Батлейка” з’яўляецца сталым удзельнікам самых розных святаў і фестываляў. “Батлейка” актыўна супрацоўнічае з Карэліцкім і Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчымі музеямі, Нацыянальным музеем-запаведнікам Нясвіж, дзе ладзіць свае прадстаўленні. 22 сакавіка 2002 г. тэатр удзельнічаў у персанальнай выставе “Свет Міра”, якая праходзіла ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. У 2003 г. “Батлейка” прыняла ўдзел у міжнародным фестывалі дзіцячых тэатраў у Вільнюсе (Літва), дзе заняла першае месца. У 2004 г. у г. Вільнюс прайшла выстава “Мірская батлейка”, якая месцілася ў Дзяржаўным музеі тэатра, музыкі і кіно Літвы. Батлейшчыкі стала ўдзельнічаюць у фальклёрных святах, якія праводзяцца аддзелам культуры Карэліцкага райвыканкама: “Масленіца”, “Шчодры вечар у Міры” і інш. На цяперашні момант рэжысёрам “Батлейкі” з’яўляецца Ганна Альбертаўна Выгонная.

    Мірская “Батлейка” сардэчна запрашае ўсіх!

    Батлейка Мірскі замак

    Апублікавана ў Культура, мастацтва

    Падзяліцца Апублікаваць
Каментары:
  • Вашае імя:
  • Загаловак:
  • Тэкст паведамлення:
  • Падпішыся на навіны УсеБеларусы:

    Скасаваць падпіску

    Падпісацца

Самае папулярнае

© 2011 УсеБеларусы — створаны для нас і пра нас

Iдэя i распрацоўка SATIO\БРЭНД ГОДА

Капіяванне матэрыялаў толькi з пісьмовага дазволу

УНП 190438641

Разработка сайта —